Home » Чалавек з легенды – наш суайчыннік Іосіф Гашкевіч

Чалавек з легенды – наш суайчыннік Іосіф Гашкевіч

   Наша Айчына дала свету не толькі Францішка Скарыну, славутых пісьменнікаў Фёдара Дастаеўскага, Аляксандра Грына, Адама Міцкевіча, але і такіх вядомых земляпраходцаў як Мікалай Пржавальскі, Ігнат Дамейка, Барыс Вількіцкі, Ота Шміт… У сузор’і такіх выдатных нашых землякоў яркай зорачкай свеціцца імя  беларуса -дыпламата, вучонага – мовазнаўца, натураліста, арыенталіста, паліглота Іосіфа Гашкевіча. Нарадзіўся ён 200 год таму, у сакавіку 1814 года, у сям’і небагатага святара Антона Гашкевіча. Блізкім родзічам сям’і Гашкевічаў быў ураджэнец мястэчка Стрэшын сённяшняга Жлобінскага раёна Іаан Гашкевіч, які ў 1997 годзе быў залічаны да ліку святых як Іаан Кармянскі. Па адной з крыніц, месцам нараджэння І.Гашкевіча лічыцца вёска Якімава Слабада былога Рэчыцкага павета(цяпер Светлагорскі раён). З дзяцінства Іосіф быў маўчалівым хлопчыком, любіў адасобленнасць, і шмат часу праводзіў за чытаннем кніжак. Любіў ён адасабляцца таксама на царкоўнай званіцы, дзе было шмат галубоў. Першапачатковую адукацыю хлопчык атрымаў у прыходскай школе, дзе настаўнічаў яго бацька Антон. Да 12 год  ён рос у вёсцы, а потым бацька аддаў яго, як і старэйшага сына Івана, у Мінскую духоўную семінарыю. У час вучобы семінарыст Іосіф захапіўся чытаннем свецкай літаратыры; у яго пакоі можна было ўбачыць і “Ветраград” Сімяона Полацкага, і “Бедную Лізу” Мікалая Карамзіна. Лепшым сябрам сям’і Гашкевічаў быў вядомы беларускі гісторык, мовазнавец,  пратаіерэй Іван Грыгаровіч, па рэкамендацыі якога Іосіф Гашкевіч паступіў вучыцца ў Санкт – Пецярбургскую духоўную акадэмію. За час вучобы ў акадэміі  ён праявіў вялікія здольнасці да вывучэння замежных моў. Гэта і вызначыла далейшы лёс студэнта духоўнай акадэміі Іосіфа Гашкевіча; пасля заканчэння вучобы ён атрымаў званне магістра багаслоўя і яго накіравалі на стажыроўку – у Пекінскую духоўную місію. За 10 год знаходжання ў Кітаі ён, валодаючы шасцю замежнымі мовамі, засвоіў таксама кітайскую, мангольскую, карэйскую і маньчжурскую мовы, пачаў вывучаць японскую. Галоўнай справай Іосіфа Гашкевіча ў Кітаі было спрыянне пашырэнню руска – кітайскіх сувязяў. Акрамя сваіх галоўных спраў , ён займаўся метэаралагічнымі і астранамічнымі назіраннямі, вынікі якіх адсылаў у Пулкаўскую Галоўную абсерваторыю, сабраў вялікую калекцыю насякомых, вывучаў старажытную гісторыю Кітая, літаратуру і мастацтва, помнікі архітэктуры гэтай краіны.

Здольнасць І.Гашкевіча лёгка засвойваць мовы была заўважана ў Міністэрстве замежных спраў Расіі, і калі ў 1852 годзе ў Пецярбургу фарміравалася экспедыцыя ў Японію, ён у якасці драгамана(перакладчыка) быў прымацаваны да начальніка экспедыцыі , віцэ-адмірала Я.Пуцяціна. Гэтае падарожжа на фрэгаце “Палада” увайшло ў гісторыю руска – японскіх сувязей. Вядомым рускім пісьменнікам Іванам Ганчаровым, які ў плаванні быў сакратаром  Я.Пуцяціна, падарожжа было апісана ў рамане “Фрэгат “Палада”. У юнацкія гады аўтар гэтага  артыкула з вялікім захапленнем прачытаў гэтую цікавую кнігу, а нядаўна зноў прачытаў яе. У гэтым доўгім плаванні да берагоў Японіі наш суайчыннік І.Гашкевіч і І.Ганчароў моцна пасябравалі. Пісьменнік І.Ганчароў , які жыў у адной каюце з І.Гашкевічам, адзначаў мяккі характар свайго сябра, нецярпімасць да канфліктаў. Такая яго памяркоўнасць, уласцівая беларускаму нацыянальнаму характару , паляпшала ўзаемаадносіны І.Гашкевіча з усімі ўдзельнікамі экспедыцыі. І.Ганчароў у сваёй кнізе піша, што наш суайчыннік моцна пакутваў ад марской хваробы. Яшчэ да адыходу ў плаванне І. Гашкевіч  наўчыўся карыстацца рэдкім на той час фатаапаратам. А калі экспедыцыі давялося на працяглы час  зрабіць прыпынак у Паўднёвай Афрыцы,  ён  шмат здымаў навакольныя пейзажы. Разам са сваімі памочнікамі І. Гашкевіч рабіў геалагічныя даследванні, склаў геалагічную карту значнай тэрыторыі Паўднёвай Афрыкі, збіраў калекцыю насякомых і гербарый паўднёваафрыканскай флоры, расшукваў шкілеты выкапнёвых жывёл. Галоўнай мэтай экспедыцыі ў Японію было заключэнне дамоў аб дружбе і гандлі, а таксама вырашэнне пытання аб мяжы паміж Расіяй і Японіяй. І гэтыя пытанні былі паспяхова вырашаны. А калі экспедыцыя Я.Пуцяціна вярталася на Радзіму, карабль,  на якім плыў І.Гашкевіч, у Ахоцкім моры сутыкнуўся з англійскім ваенным патрулём, і наш суайчыннік разам з іншымі трапіў у палон да англічан, дзе прабыў 9 месяцаў.  Засвоіўшы японскую мову, І.Гашкевіч , знаходзячыся ў палоне, пачаў складаць руска – японскі слоўнік. У гэтым яму дапамагаў японскі манах Тацібана Каосай. Першы “Руска – японскі слоўнік” быў выдадзены ў Пецярбургу, за які І.Гашкевіч быў узнагароджаны Дзямідаўскай прэміяй з уручэннем залатога медаля.

З мэтай замацавання дасягнутых поспехаў у адносінах паміж двума краінамі ўрад Расіі вырашыў адкрыць у Японіі, на востраве Хакайда, у г.Хакадатэ рускае консульства. На пасаду консула, фактычна першага пасла Расіі ў Японіі, быў прызначаны  наш зямляк Іосіф Антонавіч Гашкевіч. Менавіта з тых часоў была закладзена аснова добрых ўзаемаадносінаў  паміж Расіяй і Японіяй. Сваімі паводзінамі, тактоўнасцю, добрымі справамі І. Гашкевіч і яго падначаленыя змаглі выклікаць павагу японцаў да Расіі. “Белавалосы пасланец” – так ласкава называлі японцы І.Гашкевіча за яго мяккі характар і добрыя справы: у г.Хакадатэ наш зямляк адчыніў рускамоўную школу, у якой быў настаўнікам; яму, аднаму з першых чужаземцаў, было дазволена наведваць двор сёгуна (правіцеля Японіі)  ў Эда (зараз г.Токіа). Адчыніў ён і бальніцу, у якой працавала яго першая жонка Лізавета (памёрла і пахавана ў г.Хакадатэ). Ён жа навучыў японцаў майстэрству фатаграфавання, падарыў ім барометр і маячны ліхтар, выдаў першую рускую азбуку для дзяцей. У Японіі, краіне будызма, існавала ў тыя часы забарона прапаведваць іншую веру, а парушальнікаў закона маглі  пакараць смерццю.  Рызыкуючы жыццём, І.Гашкевіч прапаведваў праваслаўную веру,  і дзякуючы яму ў г.Хакадатэ была  пабудавана Уваскрасенская праваслаўная царква.

У 1865 годзе першы расійскі консул у Японіі вярнуўся ў Пецярбург. Адпрацаваўшы два гады ў Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў Расіі, ён у ліпені 1867 года , выйшаў у адстаўку, прыехаў у родную Беларусь, і пасяліўся ў маёнтку Малі (цяпер вёска Малі ў Астравецкім раёне).  Там, у вясковай цішыні, Іосіф Антонавіч працягваў займацца ўсходняй філалогіяй, вёў метэаралагічныя назіранні. Шматлікія калекцыі насякомых і флоры Паўднёвай Афрыцы і Паўднёва – Усходняй Азіі , сабраныя ў час падарожжаў, ён перадаў ў дар заалагічнаму музею Акадэміі навук у Пецярбургу.  На Астравеччыне ў І.Гашкевіча і яго другой жонкі Кацярыны нарадзіўся сын Іосіф, які  таксама, як і бацька, аставіў пасля сябе значную навуковую спадчыну. Памёр наш выдатны суайчыннік 5 кастрычніка 1875 года на сваёй сядзібе Малі, а ў 1899 годзе , у Вільні, была надрукавана яго праца “О корнях японского языка”.

Выдатныя заслугі нашага земляка былі высока адзначаны : яго імям названы заліў у Японскім моры (па-карэйску Чосанман), апісаныя ім многія віды насякомых таксама названыя яго імям. Прайшло шмат год, але ў Японіі і сёння памятаюць імя нашага земляка. У гэтай краіне існуе Таварыства імя Іосіфа Гашкевіча, у г.Хакадатэ, дзе была яго рэзідэнцыя, ля праваслаўнага храма Хрыста Збавіцеля яму ўстаноўлены бюст (аўтар – расійскі скульптар А.Комаў). Расійскі пісьменнік  В.Гузанаў напісаў пра І.Гашкевіча цікавую кнігу “Одиссей с Белой Руси”, якая Янкам Саламевічам была перакладзена на беларускую мову. Шануюць памяць І.Гашкевіча і на Беларусі. У г.Мінску, у мікрараёне Лошыца, яго імям назвалі вуліцу, ў г.Астраўцы, перад будынкам раённай газеты “Астравецкая праўда”, ёсць яго бюст работы беларускага скульптара В.Янушкевіча, а ў вёсцы Малі быў усталяваны памятны камень з выявай І.Гашкевіча работы скульптара Р.Грушы. У Астраўцы і на раёне праводзяцца чытанні і іншыя культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя памяці І.Гашкевіча.

Вялікая заслуга ў тым,  каб больш жыхароў Беларусі ведала пра І.Гашкевіча, належыць буйному беларускаму вучонаму-філолагу, пісьменніку і журналісту  Адаму Мальдзісу, ураджэнцу Астравеччыны. У свой час ён прыняў цэлую дэлегацыю з Японіі на чале са старшынёй Таварыства імя Гашкевіча Такада Касічы, суправаджаў дэлегацыю ў паездцы па Астравеччыне. Па запрашэнню гэтай грамадскай японскай арганізацыі ён наведаў у Японіі мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю І.Гашкевіча на японскай зямлі. Аб гэтым была публікацыя ў газеце “Голас Радзімы”.

Мне давялося пабываць на Астравеччыне і азнаёміцца з мясцінамі, дзе жыў  апошнія гады жыцця І.Гашкевіч. У мяне, як краязнаўца, з’явілася вялікае жаданне наведаць мясціны, дзе ён нарадзіўся і правёў дзіцячыя гады. І вось я ў г.Светлагорску. У цудоўным, прыгожым гісторыка – краязнаўчым музеі мяне гасцінна сустрэлі супрацоўнікі музея на чале з  загадчыцай гэтай культурнай установы Ірынай  Заяц, якая азнаёміла мяне са шматлікімі экспанатамі. А старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Жызнеўская азнаёміла са стэндам, прысвечаным Іосіфу Гашкевічу, на якім прадстаўлены шматлікія копіі фотаздымкаў з яго жыцця. Затым паважаная Ірына Заяц і загадчыца Светлагорскай дзіцячай бібліятэкі Алена Шкірман азнаёмілі мяне з вёскай Якімава Слабада, размешчанай на беразе ракі Бярэзіна.  У даволі прасторным памяшканні сельскай бібліятэкі,  на самым відным месцы размешчаны партрэт Іосіфа Гашкевіча, які намаляваў мясцовы мастак, жыхар вёскі  Якімава Слабада Сяргей Каваль. Бібліятэка месціцца ў будынку сельскага клуба, вакол якога растуць вялізарныя ліпы, якія ведалі, магчыма, і Іосіфа Гашкевіча. Колісь на месцы сельскага клуба высілася прыгожая царква. Нельга сцярджаць, што ў гэтай царкве быў святаром бацька І.Гашкевіча, бо, згодна з кнігай “Памяць. Светлагорскі раён”, царква была пабудавана ў 1852 годзе. Застаецца спрэчным і пытанне месца нараджэння І.Гашкевіча: у кнізе “Памяць. Рэчыцкі раён” сцвярджаецца, што ён нарадзіўся ў в.Перасвятое цяперашняга Рэчыцкага раёна. Над святой зямлёй Беларусі за 200 гадоў столькі праляцела войнаў, катаклізмаў, таму  і не дзіўна, што архіўныя дадзеныя не зберагліся. Ёсць надзея, што і гэтае спрэчнае пытанне вырашыцца. Галоўнае, што краіна Беларусь не забыла свайго выдатнага сына. Нам, беларусам, можна ганарыцца светлай постаццю першага беларускага дыпламата, дзейнасць якога, яго спадчына, пераканана сведчаць аб даўняй прысутнасці Беларусі, яе слаўных сыноў і дачок на міжнароднай арэне.

Лявон Целеш

Герб i Сцяг

Спасылкі

Cайт Президента Республики Беларусь
ГИАЦ МО РБ
Комитет по образованю МИНГОРИСПОЛКОМА
Официальный сайт Дзержинского райисполкома
АДУКАЦЫЙНЫ ПАРТАЛ
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь