Home » Навiны » Юбілей гімназіі

 
 

Юбілей гімназіі

 

НАВІГАЦЫЯ

Юбілеі здараюцца ў жыцці кожнага з нас. У людзей існуе звычай ярка і запамінальна адзначаць “круглыя” даты свайго жыцця, у арганізацый – свайго функцыянавання. Гэта робіцца ў тым ліку і для таго, каб аглянуцца назад, падвесці пэўныя вынікі, ацаніць пройдзены шлях. Гэта зручны момант, каб спыніць імгненне і ўбачыць, чым можна ганарыцца, а што яшчэ чакае наперадзе.

Здаецца, толькі нядаўна гімназія г. Дзяржынска святкавала свой малады 20-гадовы юбілей. І вось стрэлкі гадзінніка  паказваюць, што ўжо на працягу чвэрці стагоддзя наша ўстанова адукацыі запрашае да сябе новых навучэнцаў і выпускае ў жыццё актыўных маладых людзей…

Сёлета, як і заўсёды, да юбілею пачалі рыхтавацца загадзя. Трэба адзначыць, што гэта была сумесная праца ўсяго калектыву гімназіі, ніводзін чалавек не застаўся ўбаку ад падзеі, кожны ўнёс свой уклад у тое, каб свята адбылося на высокім узроўні.

На працягу цэлага тыдня адбываліся розныя мерапремствы, прымеркаваныя да 25-годдзя гімназіі. На сайце gymndz.com актыўна працаваў форум “Я ўдзячны гімназіі за…”, на якім выпускнікамі, настаўнікамі, бацькамі вучняў гімназіі было выказана многа прыгожых, душэўных і шчырых слоў, ад якіх захоплівае дух і шчыміць у вачах. Інтэрнэт-віктарына “25 пытанняўда 25-годдзя гімназіі” дапамагла гімназістам узгадаць самыя цікавыя факты з гісторыі ўстановы.

Гімназісты з задавальненнем ўдзельнічалі ў конкурсе сачыненняў “Гімназія для мяне – гэта… ”, па выніках якога найлепшыя работы або іх фрагменты былі прадстаўлены на выставе 2-га паверха навучальнай установы. Чытаць гэтыя пранікнёныя словы таксама надзвычай прыемна, бо яны прасякнуты юнацкай шчырасцю, нават наіўнасцю, а яшчэ ўдзячнасцю – высакародным пачуццём. Чаго варты толькі адны словы: “Я буду любіць сваю гімназію вечна!”

14-15 снежня ў актавай зале  адбыліся ўрачыстыя лінейкі, на якіх былі ўзнагароджаны самыя актыўныя, творчыя, спартыўныя і працавітыя вучні гімназіі – прадстаўнікі ад кожнага класа. Вучні праспявалі ўрачысты гімназічны гімн і атрымалі віншаванні са святам ад кіраўніцтва ўстановы.

У пятніцу, 16 снежня, прайшоў святочны дабрачынны кірмаш уласных вырабаў навучэнцаў гімназіі. Кожны клас прапаноўваў сваю прадукцыю – ад смачнага і арыгінальнага дамашняга печыва да рознага кшталту сувеніраў: зімовых кампазіцый, навагоднгіх ёлак з цукерак і нават макаронаў, яркіх сучасных ўпрыгажэнняў з розных матэрыялаў для дзяўчат, уласных пейзажаў і нацюрмортаў. Падчас правядзення кірмашу на вялікіх перапынках  панаваў незвычайны ажыятаж.  Пакупнікамі сталі як самі навучэнцы, так і іх бацькі, настаўнікі, кіраўніцтва гімназіі. Была прададзена амаль уся прадукцыя. Выручаныя сродкі пайшлі на падарункі для ветэранаў педагагічнай працы, якія значную частку свайго жыцця прысвяцілі нашай навучальнай установе.

Кульмінацыяй святкавання юбілею стаў канцэрт, які адбыўся ў суботу, 17 снежня, у Дзяржынскім гарадскім доме культуры. Перад глядзельнай залай была наладжана выстава дасягненняў гімназістаў, выстава сувенірнай прадукцыі гімназічнай бізнес-кампаніі “Чароўны куфэрак”. Выпускнікам можна было пашукаць сябе на вялікіх банерах з фотаздымкамі ўсіх выпускаў за 25 гадоў.

 На свяце прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацыі раёна, кіраўнікі навучальных устаноў, ветэраны педагагічнай працы, шэфы гімназіі, выпускнікі, актыўныя бацькі навучэнцаў і, канечне ж, настаўнікі, якія сёння працуюць у гэтай навучальнай установе. Гэта была нераўнадушная і ўважлівая аўдыторыя людзей, для якіх лёс гімназіі і іх лёс – адно непадзельнае цэлае. Апладысменты амаль не змаўкалі. На працягу канцэрта змянілася некалькі пар вядучых: у іх ролі выступалі таленавітыя, артыстычныя і прыгожыя настаўнікі і вучні гімназіі.

 Пачало праграму відэа, у якім па крупіцах сабраны будні сённяшніх гімназістаў. Яно настроіла на лірычны лад усіх прысутных. У тэатральных мініяцюрах,  якія працягвалі канцэрт, былі задзейнічаны вучні 4-га класа – члены гімназічнага тэатра “ГІМТ”. Яны “наводзілі парадак” да юбілею ў сваім гімназічным доме – Доме вокнамі ў свет, якому споўнілася 25.

Працягнула дзеянне літаратурна-музычная кампазіцыя маладых настаўнікаў гімназіі – былых яе выпускнікоў, якія, кожны ад сябе, выказалі, чым для іх з’яўляецца гімназія. Пры гэтым ніхто не паўтарыўся. Бо, сапраўды, гімназія для кожнага мае сваё непаўторнае аблічча. Слоўнымі вобразамі яны стварылі карціну асенняга школьнага двара, настроіўшы прысутных на хвалю ўспамінаў, вярнулі ўсіх у год 1991-ы…

Гісторыю стварэння гімназіі запрасілі прыгадаць  чалавека, які стаяў ля яе вытокаў – Мікалая Уладзіміравіча Мірона. Ён уразіў гледачоў тым, што і сёння трымае руку на пульсе гімназіі, ведае пра стан спраў у ёй, хоць і даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Слова ўзяў таксама ганаровы грамадзянін раёна Уладзімір Гіляравіч Гаркун, як прадстаўнік  гарадской улады на той час. Прыняў яго эстафету на сцэне намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр Сяргеевіч Чаган, які прадэманстраваў выдатнае валоданне лічбамі, звязанымі з жыццядзейнасцю гімназіі сёння, адзначыў яе поспехі і ўзнагародзіў граматамі настаўнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё гімназіі. У сваім выступленні начальнік аддзела адукацыі Дзяржынскага раёна Вацлаў  Іванавіч Матусевіч нагадаў аб пераемнасці  традыцый сярэдняй школы № 3, якой у 2017 годзе споўнілася б 55 гадоў, і пазначыў далейшыя перспектывы жыццядзейнасці гімназіі як ўстановы адукацыі. А старшыня прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі  раёна Аляксандр Мікалаевіч Ляўко, як чалавек, які прысвяціў гімназіі 15 гадоў свайго жыцця, ад душы павіншаваў усіх былых калег і ўзнагародзіў граматамі актыўных прадстаўнікоў сваёй арганізацыі ў гімназіі.

Разам з вядучымі гледачы здзейснілі невялікі экскурс у гісторыю, узгадаўшы асноўныя дасягненні гімназіі за апошні час. На слайдах былі адзначаны ўсе педагогі гімназіі, якія карпатліва, дзень за днём, будуюць падмурак з ведаў для паспяховага будучага вучняў. Былі адзначаны таксама педагогі-ветэраны, у чый адрас прагучала нямала цёплых слоў. Ад іх імені выступіла Зінаіда Мікалаеўна Пярловіч – жанчына тонкай інтэлігентнасці і шырокай эрудыцыі.

Своеасаблівай “разынкай” вечара стала Анастасія Віннікава, беларуская эстрадная спявачка. Дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям прысутныя перанесліся на мінулы юбілей гімназіі пяцігадовай даўнасці і ўзгадалі смешны момант, калі вучань 3-га класа Багдан Заботкін запрашаў на сцэну Анастасію Віннікаву, удзельніцу “Еўрабачання”, называючы яе “сваёй зоркай”. І вось ужо пасталелы васьмікласнік Багдан зноў запрашае на сцэну адну з самых яркіх і вядомых выпускніц гімназіі, якая расказала аб сваіх дасягненнях за мінулыя 5 гадоў, а таксама падарыла гімназіі прэм’еру сваёй новай песні пра каханне. Песня з першых акордаў аказала на ўсіх вельмі моцнае ўражанне, літаральна заваражыла гледачоў.

Гімназія ганарыцца сваімі выпускнікамі, і гэта нездарма. За 25 гадоў з яе сцен выйшлі 1303 выпускнікі, з якіх 358 былі ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі. Іх лёсы склаліся па-рознаму. Сярод іх не толькі настаўнікі, урачы, юрысты, але і кіраўнікі навучальных устаноў, кандыдаты медыцынскіх, фізіка-матэматычных, педагагічных  і філалагічных навук, спратсмены, прадпрымальнікі, артысты і нават мэр. Вельмі годна выглядалі выпускнікі, запрошаныя на сцэну. Шмат прачулых слоў было выказана імі ў адрас сваёй альма-матар.

Павіншавалі гімназію і яе суседзі. Ад імя дырэктараў іншых навучальных устаноў раёна Лілія Іванаўна Сакалоўская даслала многа кампліментарных выказванняў гімназіі.

 Словы віншавання таксама прагучалі ад прадстаўнікоў прадпрыемстваў-шэфаў ААТ “Крутагор’е-Петкавічы”, ААТ “ДЭМЗ”

Напрыканцы была разыграна латарэя, пераможцамі якой сталі ўладальнікі нумароў – правільных адказаў на пытанні віктарыны пра гімназію. Ім былі ўручаны памятныя падарункі. Увогуле, памятныя падарункі з выявай гімназіі атрымалі ўсе ветэраны, прадстаўнікі адміністрацыі, госці свята.

З падзячным словам да ўсіх прысутных выступіла Людміла Станіславаўна Паўхлеб – чалавек, які сёння стаіць ля руля гімназіі, з пашанай ставіцца да традыцый нашай навучальнай установы, пры гэтым уносячы нешта новае.

Уся вечарына была аздоблена рознапланавымі музычнымі нумарамі. Удзельнікі клуба “Гармонія”  гімназіі напоўніцу прадэманстравалі свае магчымасці. Сучасныя і традыцыйныя танцы, папуры аркестра дапоўніла гучанне песень у выкананні сёлетніх выпускнікоў гімназіі і малодшых гімназістаў, а таксама трох хораў: зводнага хору,  хору хлопчыкаў і нават хору настаўнікаў. Апошні выканаў песню на словы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Аксаны Яўгенаўны Хацкевіч “Свет гімназіі”, якая выдатна адлюстроўвае спецыфіку працы ў гімназіі:

Пытаемся, бьёмся, с невзгодами споря,

Мы цели добьёмся, конечно же, вскоре,

Нам дружба поможет постигнуть науку,

Протянет гимназия крепкую руку.

Шыкоўны трох’ярусны торт разам з феерверкам стаў прыгожай фінальнай кропкай юбілею. Свята, несумненна, стала яшчэ адной непаўторнай старонкай, якой узбагаціўся летапіс гімназіі.

Хуткаплынны   час, вірлівае жыццё… І яшчэ адзін незабыўны юбілей, які прадэманстраваў так многа… Ну што ж, Гімназія, наперад, да новых здзяйсненняў!

Кацярына Мінько,

выпускніца і настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі г. Дзяржынска

Глядзець фотаздымкі тут

 

No comments

Be the first one to leave a comment.

Post a Comment


 

НАВIНЫ »

Районный турслет-2017

Районный турслет-2017

Районный турслёт состоялся 16-17 августа на территории парка активного отдыха “Якутские...

 
О медицинском осмотре учащихся

О медицинском осмотре учащихся

Уважаемые  учащиеся и родители! Обращаем ваше внимание на то, что к началу нового учебного...

 
Коллектив спортивного бального танца “Time Step” приглашает…

Коллектив спортивного бального танца “Time Step” приглашает…

 
Что такое Scratch или Чтобы учить, нужно учиться!

Что такое Scratch или Чтобы учить, нужно учиться!

А Вы знаете, что такое Scratch?   Программирование в Scratch помогает развивать творческие способности,...

 

«Здравствуй, школа!» и «Нашим детям -2017» -отличная идея для последних летних выходных

«Здравствуй, школа!» и «Нашим детям» новый модный формат самых крупных детских выставок...

 
Маленькое путешествие

Маленькое путешествие

Для любого человека нет ничего ближе и дороже, чем его Родина, его...

 

О БЕЗОПАСНОСТИ

УВАЖАЕМЫЕ РОДИТЕЛИ! За последние время увеличилось количество несчастных случаев с участием...

 
Дабрачынная акцыя “Дапамажы пайсці вучыцца”

Дабрачынная акцыя “Дапамажы пайсці вучыцца”

Падрыхтоўка дзіцяці да школы для кожнай сям’і – мерапрыемства сур’ёзнае і адказнае. Са...

 

Да новага 2017/2018 навучальнага года

Інструктыўна-метадычныя пісьмы на 2017/2018 навучальны год Метадычныя рэкамендацыі па правядзенні...

 

Папярэднія спісы навучэнцаў 1-х класаў

Спіс навучэнцаў 1”А” класа (кабінет 3) Настаўнік Мардасевіч Вольга Уладзіміраўна 1. Адамчук...