Home » Навiны » На шляху да павышэння якасці моўнай і літаратурнай адукацыі

На шляху да павышэння якасці моўнай і літаратурнай адукацыі

Дзверы гімназіі былі гасцінна адчынены для 23-х прадстаўнікоў навучальных устаноў раёна ў сераду, 15 лютага. У гэты сонечны дзень на базе нашай установы адукацыі праходзіла раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Тэма семінара-практыкума – “Дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне як умова павышэння якасці моўнай і літаратурнай адукацыі”. Падчас мерапрыемства меркавалася пазнаёміць педагогаў з сучаснымі тэхналогіямі навучання беларускай мове і літаратуры ў 10-11 класах на павышаным узроўні на прыкладзе адкрытага вучэбнага і факультатыўнага заняткаў, пазакласнага мерапрыемства, паказаць значымасць дапрофільнай і профільнай  падрыхтоўкі для раскрыцця творчага патэнцыялу навучэнцаў. У ходзе семінара настаўнікі-практыкі мелі магчымасць падзяліцца вопытам работы па арганізацыі выкладання вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Мерапрыемствы пачаліся а 10-й гадзіне і завяршыліся а 14-й.

Пасля арганізацыйнага моманту і рэгістрацыі ўдзельнікі семінара мелі магчымасць папрысутнічаць на вучэбным занятку па беларускай мове ў 6 “М” класе па тэме “Прыналежныя прыметнікі: утварэнне, правапіс, ужыванне”, які правяла настаўнік 1-й катэгорыі Кацярына Аляксандраўна Мінько. Падчас занятку былі створаны ўмовы для развіцця ў навучэнцаў вучэбна-пазнавальных, камунікатыўных кампетэнцый, выхавання пазітыўных эмацыянальна-каштоўнасных адносін да прыроды, пачуцця пашаны да роднай мовы. Настаўнік выкарыстоўваў элементы актыўнага навучання і актыўнай ацэнкі, сумеснага мэтамеркавання, эўрыстычны метад падачы новага матэрыялу, працу ў парах і групах, рэфлексію. Вучні змаглі бліжэй пазнаёміцца з асаблівасцямі ўтварэння прыналежных прыметнікаў, замацавалі арфаграфічныя навыкі, а таксама даведаліся незвычайныя факты пра птушак Беларусі. Шасцікласнікі актыўна і творча працавалі, нягледзячы на тое, што многія адсутнічалі па прычыне хваробы.

Пераняла эстафету настаўніца вышэйшай катэгорыі Алена Іванаўна Волчанка, якая правяла факультатыўны занятак у 11 “В” класе “Параўнальны зварот: знакі прыпынку”. Вучням быў прадстаўлены значны раздатачны матэрыял (апорныя канспекты, памяткі, рознаўзроўневыя заданні), які можна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Кожны вучань быў задзейнічаны, ніхто не застаўся пасіўным назіральнікам. Былі прыменены розныя формы працы і заданні рознай ступені цяжкасці. Вучні працавалі самастойна і каля дошкі, прыдумвалі свае сказы, канструявалі фразеалагізмы з дзвюх частак. Найбольшую цікавасць і адначасова складанасць выклікала заданне “Карэктар”, калі вучні павінны былі выправіць пунктуацыйныя памылкі ў сказах з параўнальнымі зваротамі. Пачатак і канец заняткаў суправаджаўся філасофскімі вершамі Навума Гальпяровіча, у якіх сустракаецца шмат параўнальных зваротаў. Для адзінаццацікласнікаў, якія стаяць на парозе самастойнасці, радкі аб сэнсе жыцця і аб адносінах да роднай мовы гучалі актуальна. Прафесіяналізм, багаты вопыт і душэўная шчырасць Алены Іванаўны, безумоўна, аздобілі гэтыя адкрытыя факультатыўныя заняткі.

Працягнулася метадычнае аб’яднанне пасяджэннем клуба “Крынічка”, госцем і зоркай якога стала дзяржынская паэтэса, перакладчыца, член клуба “Выток” і Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рэгіна Іосіфаўна Рэўтовіч. Яна прэзентавала 6 сваіх зборнікаў цудоўнай беларускай лірыкі, якая бруіла чыстай крыніцай з вуснаў аўтара. Жыццярадасны і таленавіты чалавек, Рэгіна Рэўтовіч здолела зацікавіць пяцікласнікаў сваёй паэзіяй, загадкамі рыфмы, натхніла малышоў на напісанне ўласных твораў, раскрыла некаторыя сакрэты творчасці. У сваю чаргу, дзеці прадэкламавалі свае любімыя вершы пра зіму і вясну. Беларускае слова гучала нязмушана і родна. Сумесны фотаздымак на памяць стаў фінальнай кропкай цёплай сяброўскай сустрэчы.

Далей настаўнікі правялі самааналіз уласных урокаў. Ім былі выказаны словы падзякі за змястоўныя і цікавыя заняткі, з якіх кожны ўдзельнік семінара ўзяў для сябе нешта новае.

На змену практычнаму прыйшоў тэатрэтычны блок, у ходзе якога настаўніца 2-й катэгорыі Алена Алегаўна Аляшэвіч пераканаўча падзялілася сваім вопытам і тэатрэтычным ведамі адносна актыўных метадаў навучання. Яе развагі пра цяжкасці папаўнення слоўнікавага запасу вучняў і шляхі выйсця з гэтай сітуацыі не пакінулі раўнадушнымі нікога. Кожны змог падабраць для сябе пэўны метад актыўнага навучання, апісаны Аленай Алегаўнай.

Разам з метадыстам раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццянай Іванаўнай Мойса па выніках пасяджэння былі выпрацаваны метадычныя рэкамендацыі. Акрамя таго, Таццяна Іванаўна пазнаёміла настаўнікаў з некаторымі сучаснымі тэхналогіямі навучання беларускай мове і літаратуры ў 10-11 класах на павышаным узроўні. Актыўна і нязмушана прайшла рэфлексія па метадзе “Акраслова”, калі настаўнікі прапаноўвалі свае асацыяцыі да словазлучэння “Павышаны ўзровень”.

Упэўнена, што кожны ўдзельнік нечым узбагаціў сваю метадычную скарбонку пасля гэтага мерапрыемства, якое паказала высокі ўзровень зладжанасці, творчасці і прафесіяналізму  настаўнікаў гімназічнага метадычнага аб’яднання гуманітарных дысцыплін. Удзельнікі семінара таксама выказалі словы падзякі кіраўніцтву гімназіі за зручную і камфортную арганізацыю пасяджэння. Гімназія заўсёды рада вітаць сваіх гасцей.


Leave a comment

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Спасылкі

Cайт Президента Республики Беларусь
ГИАЦ МО РБ
Комитет по образованю МИНГОРИСПОЛКОМА
Официальный сайт Дзержинского райисполкома
АДУКАЦЫЙНЫ ПАРТАЛ
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь