Напэўна, кожны чалавек задаваў сабе пытанне: Кім быць?
Такімі словамі распачаў кіраўнік групы кампаній “Ізавак” Уладзімір Якаўлевіч Шырыпаў лекцыю, якая праводзілася ў рамках навукова — адукацыйнага семінара кафедры энергафізікі фізфака БДУ. Сярод слухачоў былі студэнты фізфака, зацікаўленыя людзі і вучні нашай гімназіі.
Лектар распавёў, як станавілася і чым займаецца яго кампанія ад пачатку і да сённяшняга часу. На прыкладзе свайго асабістага вопыту вядзення бізнеса ў галіне навуковых распрацовак Уладзімір Якаўлевіч прапанаваў сваё бачанне дасягнення поспеху ў бізнесе і ў эканоміцы наогул: гэта праца па схемах
Вучоны – Інжэнер – Бізнесмен
або
Бізнесмен – Інжэнер – Вучоны.
Выбар схемы залежыць, ад таго, ад каго менавіта зыходзіць тая ці іншая ініцыятыва. Але, падкрэсліў лектар, вельмі важна, каб пэўнай справай займалася менавіта Каманда (Вучоны – Інжэнер – Бізнесмен, Бізнесмен – Інжэнер – Вучоны), дзе кожны — прафесіянал у сваёй справе.
І таму правільней задаваць пытанне не Кім быць? а З кім быць?
“Калі збіраюцца прафесіяналы з розных галін, аб’ядноўваючыся ў адну каманду, тады можна дасягнуць поспехаў у бізнесе”. – У. Я. Шырыпаў.
Таксама вельмі цікавым аказалася апісанне тэхналогій вырабу тонкіх плёнак для сонечных элементаў і не толькі для іх. Скончылася лекцыя шматлікімі пытаннямі слухачоў да Уладзіміра Якаўлевіча.
Настаўнік фізікі А.П. Бычкевіч