Home » Навiны » Форум

Форум

            Ёсць словы з гісторыяй. Вось і ў лацінскага слова “форум” шмат значэнняў – ад кірмашовай плошчы да месца для зносін і спрэчак людзей на розныя жыццёвыя тэмы. Мая ж нататка пра традыцыйны жнівеньскі форум педагогаў Дзяржынскага раёна, які праводзіцца для абазначэння і рашэння пэўных важных праблем у рённай сістэме адукацыі. Гэта заўсёды відовішчнае мерапрыемства, для арганізацыі якога прыкладаецца шмат намаганняў. На гэты шырокі прадстаўнічы сход ад гімназіі г.Дзяржынска былі выбраны 20 дэлегатаў, сярод якіх кіраўніцтва гімназіі  і настаўнікі. Іх там чакалі разнастайныя метадычныя і мастацкія выданні, з якімі можна было азнаёміцца і набыць, а таксама цікавыя тэматычныя выставы. Сёлета гэта былі “Кветкі настаўніку”. Вочы разбягаліся ад багацця кампазіцый, з фантазіяй прадстаўленых удзельнікам форуму. Якіх толькі матываў і задумак там нельга было сустрэць! Дарэчы, наш гімназічны букет – вытанчаны, шыкоўны, складзены з тонкім густам творчай групай настаўнікаў – заваяваў дыплом 2-й ступені ў спаборніцтве.  Акрамя таго, у фае гарадскога Дома культуры можна было азнаёміцца з фотаздымкамі настаўнікаў, занесеных на дошку гонару раённага аддзела адукацыі, а таксама арыгінальнымі відэавізітоўкамі школ і садкоў.
На самім пасяджэнні адбылася прэзентцыя новага дакументальнага фільма пра Дзяржынскі раён, які напоўніў усіх прысутных гонарам за іх малую радзіму. У сваіх выступленнях старшыня раённага выканаўчага камітэта М.І. Арцюшкевіч і старшыня аддзела адукацыі В.І. Матусевіч прааналізавалі стан спраў ў адукацыі раёна, паставілі задачы на перспектыву. Галоўная іх думка ў тым, што сучаснае навучанне і выхаванне не можа не адпавядаць выклікам часу, пры гэтым захоўваючы ўсё тое лепшае, што напрацавана за мінулыя гады. Ды і сам сёлетні форум прайшоў ў абноўленым фармаце, калі судакладчыкі не выходзілі на сцэну, затое ў зале быў свабодны мікрафон, і любы жадаючы меў магчымасць задаць пытанне прэзідыуму. Пытанні гучалі самыя розныя. Яны тычыліся і дзіцячых садкоў, і праблем выхавання, і адносінаў “школа-сям’я”. Такое жывое абмеркаванне надало формуму інтэрактыўны характар, што, канечне, актуальна ў наш час.
Ганаровым госцем форуму ў чарговы раз стаў У.С. Ліпскі, старшыня Беларускага дзіцячага фонду, галоўны рэдактар часопісаў “Вясёлка” і “Буся”. Ён зачытаў слухачам урыўкі са сваёй новай кнігі, прысвечанай Айчыне. Як заўжды, у гэтыя хвіліны ў зале панавала поўная цішыня. Пісьменнік умее рабіць так, каб яго слухалі, затаіўшы дыханне. Яго радкі былі прасякнуты глыбокай шчырасцю, выпакутаваным роздумам, самым патаемным пачуццём да Беларусі.
На форуме традыцыйна былі прадстаўлены маладыя спецыялісты, якія прыехалі ў наш раён працаваць. Такая ўвага да іх асобы і сам маштаб мерапрыемства не могуць не ўразіць маладога чалавека. Усе негатыўныя стэрэатыпы аб настаўніцкай прафесіі проста разбіваюцца аб бляск вачэй педагогаў, іх цудоўны знешні выгляд, высокі клас арганізацыі форуму. Новым стала тое, што традыцыйны наказ маладым гучаў не з вуснаў настаўніка-ветэрана, а ад педагога (М. Дубіна), які ў прафесіі ўсяго 4 гады, і за гэты час дасягнуў значных поспехаў.
Па традыцыі, лепшыя педагогі былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, падзякамі і кветкамі. Дырэктар гімназіі Людміла Станіславаўна Паўхлеб была узнагароджана Падзякай старшыні раённага выканаўчага камітэту. Ганаровая   Грамата Міністэрства адукацыі была ўручана настаўніцы матэматыкі гімназіі Таццяне Уладзіміраўне Валахановіч за плённую шматгадовую працу па навучанні і выхаванні моладзі.
Многа цёплых слоў гучала ў адрас настаўнікаў у той дзень са сцэны. Гэта той запас станоўчай энергіі, які яны будуць несці ў сваёй душы цэлы год, праз усе цяжкасці і выпрабаванні цярністага шляху прафесіі педагога. А каб “замацаваць” гэты эфект, завяршыла форум выступленне капэлы “Санорус”, якое нікога не пакінула раўнадушным. Такі цудоўны падарунак настаўнікам напярэдадні 1 Верасня. Каб спявала душа і панавала гармонія ў сэрцы, якое аддаеш дзецям…
Мінько К. А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры

 P.S.      У 2017 годзе Мінько Кацярына Аляксандраўна занесена на дошку гонару раённага аддзела адукацыі.


Leave a comment

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Спасылкі

Cайт Президента Республики Беларусь
ГИАЦ МО РБ
Комитет по образованю МИНГОРИСПОЛКОМА
Официальный сайт Дзержинского райисполкома
АДУКАЦЫЙНЫ ПАРТАЛ
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь