Home » Навiны » Незвычайнае падарожжа ў мінулае

Незвычайнае падарожжа ў мінулае

Лета – цудоўная пара, а калі яна прыпадае на час адпачынку, дык удвая.
20 чэрвеня дзеці, якія аздараўляліся ў гімназічным летніку “Эрудзіт”, наведалі вельмі звычайны, на першы погляд, музей ( хтосьці заўважыць, што такіх музеяў у нас сёння шмат). З другога ж боку гэты музей – гэта сустрэча “сёння з мінулым”.
Што ж гэта за месца? Гэта музей архітэктуры і побыту “Строчыцы”. Амаль у цэнтры нашай сталіцы размясціўся гэты куток, дзе сабраны пабудовы 18-19 стагоддзяў, зробленыя з прыроднага натуральнага матэрыялу, пераважна з дрэва, чароту і саломы.
Пры ўваходзе нас гасцінна сустрэлі экскурсаводы Вадзім і Ганна, апранутыя амаль аўтэнтычна той эпосе, пра якую яны расказваюць. Усё тут спрыяла добраму ўсведамленню пачутага: і манера зносін экскурсаводаў з дзецьмі, і экспазіцыя сялянскага побыту, і абранае для музея месца ( прырода там надзвычай прыгожая), і нават надвор’е. Многія з дзяцей не хацелі вяртацца ў горад, свет асфальту і бясконцай мітусні. Паўтары гадзіны праляцелі незаўважна пад спевы птушак, павевы ветрыку і незвычайную атмасферу мінулага.
Сённяшняга падлетка цяжка чымсьці здзівіць, але тут было чым пацікавіцца: усе рэчы зроблены з дрэва, саломы, чароту ці гліны; замест электрычнасці – лучына або газавая лямпа; макеты са смажанымі яйкамі, каўбасамі, вяндлінай і пірагамі, якія наганялі апетыт; печ, чырвоны кут, саматканыя дываны, люлькі з лялькамі, драўляныя хадункі для немаўляці; асобны пакой для нявесты, дзе яна павінна была наткаць сабе да шлюбу прыданае; незвычайная ўніяцкая царква; ветраны млын – усё гэта паўплывала на нашых дзетак.
Узнёслыя, мы вярталіся да аўтобуса і раптам… яшчэ адзін падарунак прыроды: уздоўж сцежкі нас сустрэлі суніцы, на якія мы проста не змаглі не звярнуць увагу.
Усё добрае нарэшце заканчваецца, і наша падарожжа таксама скончылася. Але захапленне незвычайнасцю звычайных рэчаў засталося з намі. Магчыма, гэта тое, чаго нам усім сёння так не хапае, – натуральных зносін з прыродай, з сябрамі, з самім сабой.
Калі з гісторыяй сустрэцца хочацца –
Не палянуйцеся наведаць “Строчыцы”.
Так проста ўсё і нават звычна,
З мінулым пахам, аўтэнтычным.
Там для душы ўсё так спрыяльна:
Куток радзімы, натуральны,
Нібы партал ад нас, тутэйшых,
Да нашых продкаў, да ранейшых.

Хацкевіч А.Я.(настаўнік беларускай мовы)

 


Leave a comment

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Спасылкі

Cайт Президента Республики Беларусь
ГИАЦ МО РБ
Комитет по образованю МИНГОРИСПОЛКОМА
Официальный сайт Дзержинского райисполкома
АДУКАЦЫЙНЫ ПАРТАЛ
Детский правовой сайт
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь