
20 снежня ў г.Маладзечна, на базе Мінскай абласной комплекснай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Алімпік-2011”, упершыню прайшоў вялікі абласны навагодні баль для моладзі Міншчыны.
Удзельнікамі мерапрыемства, арганізаванага ў рамках традыцыйнай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, сталі навучэнцы 9-11 класаў: пераможцы алімпіяд па вучэбных прадметах, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, актывісты валанцёрскага руху… Усяго – 150 пар з усіх куткоў Мінскай вобласці.
Мы вельмі ганарымся тым, што сярод прадстаўнікоў Дзяржынскага раёна на гэтым мерапрыемстве былі і навучэнцы нашай гімназіі – Рудак Анастасія (10Б клас) і Кадлубовіч Сямён (11Б клас).
Гімназісты доўгі час рыхтаваліся да гэтай незвычайнай падзеі: прымалі ўдзел у рэпетыцыях, прадумвалі свой знешні воблік, хваляваліся. Пад прафесійным кіраўніцтвам настаўніка рытмікі Цімашэнка С.Ф. яны навучыліся бездакорна выконваць і ўрачысты паланэз, і рамантычны вальс, а таксама польку і падэграс…
Усе танцы неабходна было выканаць пад жывое музычнае суправаджэнне, якое пад час балю забяспечваў сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.
У завяршэнне балю ўсе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад старшыні Мінскага аблвыканкама.
Спадзяёмся, што чароўная атмасфера мерапрыемства надоўга застанецца ў іх маладых сэрцах!..