Home » Навiны » КАЛЯДНЫЯ ПРЫГОДЫ Ў СУЛЕ  ЦІ ЗНАЁМСТВА З БЕЛАРУСКІМІ ТРАДЫЦЫЯМІ

КАЛЯДНЫЯ ПРЫГОДЫ Ў СУЛЕ  ЦІ ЗНАЁМСТВА З БЕЛАРУСКІМІ ТРАДЫЦЫЯМІ

 

А цуды ўсё-ткі здараюцца! І спаўняюцца мары! Мы, навучэнцы 5-7 класаў i iх кiраўнiкi, перакананы. І вас клічам пераканацца ў старадаўнюю Сулу, што распачала новы лёс, ў першы ў Беларусі сядзібна-паркавы комплекс-музэй інтэрактыўнай гісторыі, якi размешчаны за 20 кіламетраў ад нашага горада на маляўнічым беразе аднайменнага  возера Сула.

Ветліва адчыніліся перад намі веснічкі ў незвычайны свет – свет, дзе знікаюць неўпрыкмет межы і сплятаюцца ў светлае злучво матэрыя і дух, штодзённсць і вечнасць, дзе ўзнаўляецца непарыўная повязь эпох. Усё паўстала тут жывым, датклівым, трапяткім і праўдзівым. Усё вабіла, заклікала святочна ўвайсці, акунуцца ў чароўную атмасфэру хараства беларускіх калядных традыцый. Мы гатовы былі выправіцца ў заманлівую прыгодніцкую вандроўку праз час. I неадкладна выправіліся!

У пошуках чароўнай мапы мы прайшлі праз шматлікія выпрабаванні і перамаглі страшэннага Цмока.  Наведалі залу рыцарскай славы, узбагачаную ўнікальным зборам карцін і габэленаў, асветленую сярэднявечнымі жырандолямі. Насустрач нам зырка палымнеў агромністы, сапраўды каралеўскі, агмень. I шыкоўная цырыманіяльная зала падалася незвычайна ўтульнай, цёплай, нават  загадкавай.

Мы  мелі гонар  наведаць збройную кузню, майстэрню па расколванні камянёў і вартавую вежу XII-XIII стагоддзяў. Мы  ўявілі і адчулі дух даўно прамінулай эпохі. Надта цікава было прымаць удзел у сапраўдным Калядаванні і атрымаць яркія эмоцыі ў музэі беларускай батлейкі. Незвычайны  спектакль, складзены па матывах старадаўніх традыцыйна-беларускіх Калядных сюжэтаў з выкарыстоўваннем жывой традыцыйнай музыкі даў магчымасць далучыцца да цудаў  любімага свята.

А яшчэ мы адчулі асаблівую атмасфэру габрэйскага доміка-майстэрні –крамы, пазнаёміліся з старабеларускай габрэйскай культурай і даведаліся шмат новага пра яе спадчыну.

На Капішчы мы развіталіся са старым годам, а ў будынку Калегіума сустрэлі самога Санта Клауса, які завітаў у Сулу з нагоды нашай вандроўкі! Нам пашчасціла атрымаць падарункі ад Санты і крыху патаньчыць разам з ім.  Да святочнага стала нам падавалі смакату! І мы паласаваліся свежай гарбатай, настоенай на пушчанскіх зёлках, і прысмакамі.

Шпацыруючы брукаванкай, мы дайшлі да сцішанай сажалкі і пакіравалі да стайні, дзе пагаманілі з добрай і разумнай кабылай і здзейснілі нядоўгае падарожжа ў фаэтоне. Усё было такім прыемным і казачным!

Мы пакідалі Сулу з пачуццём  глыбокай пашаны да нашых продкаў, да багатай тысячагадовай гісторыі і велічнай адметнай культуры нашага народа. Мы адчувалі сябе не выпадковымі блуканцамі ў вірах эпох, а паслядоўнікамі добрых задум і спраў колішніх гаспадароў айчыннага краю. І мы вырашылі, што будзем разам спасцігаць неўміручую ісціну любові і адданасці сваёй зямлі!

Навучэнцы 5 “Г”, 6 “В” і 7-х класаў

і іх класныя кіраўнікі: 

Таццяна Панашчук,

Іна Уколава,

Вольга Бараўцова,

Наталья Прыбыльская,

Ганна Паплаўская,

Снежана Доўнар


Leave a comment

Ваш адрес email не будет опубликован.

Герб i Сцяг

Спасылкі

Cайт Президента Республики Беларусь
ГИАЦ МО РБ
Комитет по образованю МИНГОРИСПОЛКОМА
Официальный сайт Дзержинского райисполкома
АДУКАЦЫЙНЫ ПАРТАЛ
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь